Вечны сказ

Яшчэ не ацэнена

Малітву сьвітальную не параўнаць
З уздыхам душы
ў цішыні вечаровай...
I гэтыя словы спрадвечна гучаць,
Нібы ўпершыню,
апантана і нова.

Яны на Зямлі ратавалі мяне,
Куды з ласкі Боскай
я трапіў у госьці,
I хочацца верыць,
што не абміне
Душу
іншы сьвет
незабыўнай мілосьцю,

Каб там,
дзе чародка нябёсаў скубе
Блакітныя травы
высокага неба,
Пачуць росны шэпт:
«Я кахаю цябе...»
Мне болей нічога,
нічога ня трэба.