Так, узышла я
на трон прыгажосці —
без воклічаў справа,
без воплескаў злева...
Пэўна,
зайздросціць мне зараз
хтосьці:
я — каралева,
я — каралева!
Свой стан дзявочы,
свой сан дзявочы
не кідала ў бездань
відовішчнай згубы,
мяне выбіралі
любага вочы,
мяне выбіралі
любага губы.
Мяне выбіралі
любага рукі,
якія ласкай мяне прынеслі
з маёй дакукі,
з самотнай мукі
у калыханне
адвечнай песні...
Мне не крычалі натоўпы «брава»
ні з заміраннем,
ні з уздыханнем:
на трон вялікасці
я абрана
аднагалосна —
маім каханнем.