Як утаймуеш горкае ўздыханне...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Як утаймуеш горкае ўздыханне
У хвілю непазбыўнае журбы?
Ад звадак,
ад жабрацкае дзяльбы
Куды ўцячы,
як не ў цябе, каханне!

Ты —
двух суладных сэрцаў калыханне,
Гадзіна першабытнае сяўбы,
З крутой гары салодкі бег арбы,
Калі шчымліва стойваеш дыханне...

Яднанню шчырых душ і губ паверце,
У пацалунку —
позва праваты,
Для будучыні адрас на канверце...

Каханне —
вечны покліч пекнаты,
Мой паратунак і маё бяссмерце,
Ёсць толькі ты, адно на свеце ты!