Пад дажджом

Ваша адзнака: Нет (5 галасы)
Вечар.
Вецер.
Плошчу палошча
Дождж пранізлівы і густы.
Толькі два дзівакі на плошчы –
Слуп тэлеграфны і ты.
У слупа –
Абавязак службовы:
Ён не можа схавацца пад дах,
Ён падтрымлівае размовы,
Што пагойдваюцца у правадах.
Ні на хвілю, вядома,
                              яны не моўкнуць,
А табе, маладому,
                            навошта мокнуць?
Хлопец-зух, прыгажун, гуляка,
Недзе джаз затужыў без цябе…
Плашч набраклы звініць, як бляха,
Пад дажджом, што цвікамі дзяўбе.
– Не прыйшла – і няхай! Да д’ябла! –
Ты не ўсклікнуў у гэты раз.
Ты камячыш акурак азябла
І шпурляеш пад грозны абцас.
Табунамі імёны дзявочыя
У блакноце ад “А” да “Ю”…
Дык чамы ж ты яе не варочаеш,
Папяровую памяць сваю?
Галі, Веры, Надзеі, Таі, –
Спёка вуснаў і вільгаць віна…
Хто ж яна, ганарліўка тая,
Што за ўсіх дужэй адна?
Бог дзявочы цыгарку топча.
Дажджавая цурчыць вада.
Бог дзявочы зусім, як хлопча.
Далібог, мне яго шкада!
Толькі хай памокне нябога.
Пакланіся паклонам зямным
Тым дзяўчатам, што з бога любога
Пыл збіваюць
                 дажджом праліўным!