Як у лесе зацвіталі...

Яшчэ не ацэнена
Як у лесе зацвіталі
   Ліпы ды каліна, –
Залатыя сны снавалі
   Мы з табой, дзяўчына.
 
Калыхаліся, шумелі
   Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясцелі
   Трыснягі ды лозы.
 
Як у жыце наліліся
   Каласкі нагінна, –
Сустрэліся, абняліся
   Мы з табой, дзяўчына.
 
Мігацелі, зіхацелі
   У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зелле,
   Заміралі росы.
 
Як даспела, счырванела
   Ягада-рабіна, –
Ўвокал глянулі нясмела
   Мы з табой, дзяўчына.
 
Верасы пад лісцем спалі,
   Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі
   Журавы ды гусі...