Як у повесці

Ваша адзнака: Нет (6 галасы)
Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
   Ў вёсцы – з святліцай хаціна,
   Ў хаце – з бабуляй дзяўчына.
 
Там жа паблізку стаяла
Гэткая ж хатка бязмала, -
   Хлопец у хаце жыў з дзедам,
   Быў той дзяўчыны суседам.
 
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
   Зналіся змалку абое,
   Зналі і сёе, і тое.
 
Кожны год цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
   Кужаль Маланка снавала,
   Цэўкі сукала і ткала.
 
Улетку кляпаў хлопец коску, –
Шоў луг касіці за вёску;
   Сена дзяўчына сушыла,
   Ніўку жаць потым хадзіла.
 
Жыта ляшыў ён увосень
Або лучыну біў з сосен;
   Шла яна бульбу капаці
   Ці лён часала у хаце.
 
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес з пілою;
   Часам яна ў лес хадзіла
   Ці на таку малаціла.
 
Далей, не так ужо далей:
Янку кудысці пазвалі,
   Там пасадзілі за штосці,
   Не адпусцілі і ў госці.
 
Болей яго я не бачыў;
Чуў, што не вельмі там скача, –
   Нешта капае, валоча,
   Ждучы ўсё сонейка ўночы.
 
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым...
   Людзі ж казалі, што Янка
   Вельмі любіўся з Маланкай.