Яшчэ не вечар, мілая.
Яшчэ не вечар.
Наперадзе ў нас тысяча сустрэч.
І будзе бэзам новы май расквечаны.
І салаўі аглушаць насамрэч.
І ўзыйдуць зоркі раннія над вязамі.
І ты даверыш
Сон майму плячу,
І тыя словы,
Што яшчэ не сказаны,
Табе я нечакана прашапчу.
І засмяецца маладзік у фортцы.
І вернецца блакітны вецер наш...
А калі раптам нешта не паўторыцца,
Ты літасціва тое не заўваж.
І не бяда,
Што бэз цвіце не вечна
І лісце асыпае вяз не раз...
Яшчэ не вечар, мілая.
Яшчэ не вечар.
Вясна яшчэ не разлучыла нас...