Юлі
Яны прыглушана рыпелі
Сярод старых кашлатых ліп.
Мы тыя сінія арэлі
Зламаць нікому не далі б.
Над імі гойдаліся далі,
Яны нам казкаю былі —
I ў неба сіняе ўзляталі,
I ледзь краналіся зямлі.
I як бы мы ні пастарэлі,
Няхай і летам і зімой
Юнацтва сінія арэлі
Ляцяць між небам і зямлёй...