З кожнай новай сустрэчай цяжэе чаканьне наступнай,
і зусім недарэчны стаецца адлегласьці сум,
кожнай новаю ночай сон болей і болей пакутны,
і ня выцягнеш болей сябе з віру чорнага дум.
Кожны новы цягнік пнецца ўпэўненна зноўку наперад,
вось шчэ трыста кілёмэтраў ляжа ахвярай тугі,
кожным новым сьвітаньнем сябе забіваю, напэўна.
ды ад гэтага штось не стаюцца бліжэй берагі.
Кожным новым уздыхам вітаю зноў мару сьвятую,
што адлегласьці рынуць ў бязмоцнасьці - троху яшчэ,
кожным новым лістом усё болей сябе я катую,
і ўсё болей марудна жыцьцё па дарозе цячэ.
З кожным новым "кахаю" ў нязьлічаных нашых размовах
ўсё бліжэй і радней ўкараняесься ў сэрца маё,
з кожным шпацырам новым па ведамых здаўна шчэ сховах,
адзначаю, што более значак ў мяне на палёх.
З кожнай новаю рыфмай ў бязьмежжы папернага неба
палымнее мацней на вуснох боль чарнільных радкоў,
З кожным новым узмахам ўсё далей унізе дзесь глеба,
і пазбыцца ня хочацца ўжо гэтых крылаў-акоў.