За маім акном шалее вецер,
Рве з галін апошнія лісты...
Як сьцюдзёна стала
ў гэтым сьвеце,
Ведаеш пра тое толькі ты.
Ноч даўно скубе сабе надточкі,
Пацьмянеў і карацее дзень.
Ды і я,
нібы сышоў упрочкі
З крэўнага жыцьця...
Застаўся цень.
Што ні год — даўжэй вандроўка тая
Па глухім узьмежку лет і зім.
Толькі ты назад мяне вяртаеш
I рукой,
і позіркам сваім.
Часу холад
стукаецца ў грудзі,
Як пасыльны вечнай нематы...
Што са мной было,
чаго ня будзе —
Ведаеш пра гэта толькі ты.