Зноў пабачыў цябе...

Яшчэ не ацэнена

Цэлы тыдзень хадзіў я прыгнечаным,
Не гулялася, не спявалася.
Кожнай раніцай, кожным вечарам
Сэрцу нечага неставала ўсё.

А сягоння,
зусім няпрошана,
Нечакана, неспадзявана я
Зноў убачыў цябе, харошая,
Дарагая, нецалаваная.

I гатоў салаўём заліцца я
На лады, на калены розныя,
Каб дзівілася нават міліцыя,
Што такімі бываюць цвярозыя.

I нясу,
каханнем асвечаны,
Па вясновай зямлі сэрца гром-біццё.
Паглядзяць на мяне сустрэчныя —
I таксама шчаслівымі робяцца...