Полымя гарэла на ўскрайку лесу,
Водбліскі мігцелі ў лісці бяроз.
Дым сцяліўся долам. Утвараў завесу,
Млечны шлях над рэчкай быў як зорны мост.
Ля агню сядзелі ў абдымках двое,
Назіралі лёгкі ў небе знічак лёт.
А на варце шчасця лес стаяў сцяною,
І спявала рэчка песню чыстых вод.
Палымнелі дрэвы сярод ночы ціхай,
Праз прастор касмічны ляцеў шар зямны.
Ля агню сядзелі, баючыся дыхаць,
У абдымках двое – на ўвесь свет адны.
У ваду зляталі знічкі залатыя,
На траве блішчэлі кроплі буйных рос.
І высока ў небе дзве душы святыя
Йшлі ў млечным ззянні праз той зорны мост.