ЗЯМЛЯЧЦЫ
М - і
Заззялі ласкай неба вочы,
Што часта хмурымі былі,
Як на чужыне нас аднойчы
Зямныя лініі звялі.
І зараз разам мы парою
Глядзім як шле радзіма нам
Лісты-аблокі,
Дзе з табою
Туліла нас рака адна.
Вялікі лес адзін і той жа
Падносіў нам свае дары.
Ў адным і тым жа храме Божым
Нас прычашчаў святар стары.
Вунь зорка ў тым баку маячыць,
Акенцам вабіць нас здалля.
– Мне Бог паслаў цябе, зямлячка!
– З табой мне свет мілей, зямляк!
Спяшым паклон аддаць з любоўю,
Што ўзгадавала нас, зямлі.
І ўдзячны краю, дзе з табою
Жыцця дарогі нас звялі.