Каваль

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Зранку ў кузнi чуцен звон, –
Гэта так шчыруе ён
Мой асiлак, чараўнiк,
Што да сэрца мне прынiк.

Каваля свайго люблю,
Каваля свайго хвалю.
Да яго грудзей магутных
Я галованьку тулю.

Ён ад продкаў мае дар, –
Са стыхiямi ў ладах.
Ўсе пры iм: агонь, метал,
I паветра, i вада.

Любiць месяц цiкаваць
Як нястомны мой каваль,
Калi й ночка настае,
Наша шчасцейка куе...

I Сусвет узнiкнуць змог,
Бо у iм каваль – сам Бог:
Раздзiмае сонца горан,
Што да ранку – iскры зор.

Каваля свайго люблю,
Каваля свайго хвалю.
Хай i Бог яго галубiць,
Шле удачы кавалю!