Маё каханне — боль, пакута,
бальзам для сэрца і атрута,
найлепшая у садзе кветка
і для душы крылатай клетка,
неўтаймаванай жарсці свята,
пяшчоты ціхая саната,
і рэўнасці ўзаемнай драма,
адчаю з верай амальгама,
маланка радасці, натхнення,
іголка роспачы, сумнення,
і хуткага расстання знічка,
надзей крыштальная крынічка,
і шчасця крык ў начной цішы;
каханне — гэта я і Ты!..