Татарскі праліў ашалеў
І бухаўся ў цвёрдасць прычала,
Пад ветру здзічэлага гнеў
Рукою ты мне памахала.
У шызы туман паплыла
На жудасна-ціхай шаландзе,
Як быццам зусім не была,
Надзея, Надзюшанька, Надзя!
Над палубай дождж павісаў
У пройме пражэктара белай,
Твой вобраз навечна знікаў –
Мне гэта было зразумела.
Ты толькі на момант прыйшла,
Прынёсшы ласкавыя словы,
І цяжка прызнаць, што была
Сустрэча з табой выпадковай.
А можа, звядзе яшчэ лёс?
Як гэта ён часам умее?
Успыхвае ў сэрцы, як «SOS»:
Надзюшанька,
Надзя,
Надзея!