Не знаю, гэта добра ці нядобра...

Яшчэ не ацэнена

Не знаю,
гэта добра ці нядобра,
Ды што хаваць мінулыя грахі —
I мне таксама міні даспадобы,
Хоць я ім запазніўся ў жаніхі.

Зноў прымушае здзіўлена спыніцца
Жаночы цуд,
як гэты свет, стары.
У цесным калчане міні-спадніцы
Дзве юныя нагі —
як дзве стралы.

I плёткі — міма.
Забабоны — міма.
I цокаюць па сонным сэрцы лодачкі.
I мілая дзяўчына ў моднай міні —
Як чарачка крыштальная на сподачку.

I чырванеюць посныя персоны.
I адарваць вачэй не можа бог
Ад лёгкага,
як хмарка,
парасону
Над грэшнай парай загарэлых ног.

Пад пошласць — міны.
Пад святошасць — міны.
Аж крэкча цынік качкаю падсаднаю.
А стройныя дзяўчаты ў смелых міні —
Як строгія цюльпаны ў палісадніку.

I цёплы вецер ім каленкі мые.
I я без шкадавання і трывог
Гляджу,
як небу адкрываюць міні
Зямную прыгажосць дзявочых ног.