Прашу цябе вяльможна, развітанне...

Яшчэ не ацэнена

Прашу цябе вяльможна, развітанне,
Не падганяй, шляхі не караці.
Яшчэ не падрасло маё каханне,
Яно яшчэ разгубіцца ў жыцці.

Цябе баіцца першае спатканне,
Яно здалёку да мяне прыйшло.
Так зноў грахоў баіцца пакаянне,
Баіцца цемры смелае святло.

Малю цябе трывожна, развітанне,
Туман начэй заўчасна не развей.
Яшчэ маё малее дакаранне
I не ахрып світальны салавей.

Цябе баіцца першае маўчанне.
Яно адно пра ўсё сказала мне.
Так рук сваіх баіцца дакрананне,
Баіцца дол, што хваля захлыне.

Крычу табе астрожна, развітанне,
Як зваць маю самоту — не пытай.
Прыйдзі тады, калі мяне не стане.
I смутак мой са светам развітай.