Максіму Багдановічу
Ён нахіліўся над сталом
Пралескай позняю паніклай,
Самота стыне над чалом,
А вусны трызняць Веранікай.
Яна, як месяца святло,
Яму ўжо не сагрэе грудзі.
Такой, як сніў ён, не было.
Такой ніколі ўжо не будзе.
Пагасне месяц у акне,
А зоркі скоцяцца слязамі.
I смерць бязлітасна ўзмахне
Сваімі чорнымі крыламі.
Навек зламаецца вясло
На пеннай хвалі ў сіняй бухце.
Вачэй Максімавых святло
Трывожыць больш яе не будзе...
Што ж, паўглядаліся здалёк
I моўчкі разышліся жыцці...
А ўсё сінее васілёк
У спелым беларускім жыце...