За ноч адну і тысячы начэй,
Заплеценых абдымкамі ў абдымак,
Не наталіць да слодычы вачэй,
Не злашчыць губ — не сцалаваць з плячэй
Рассыпаных
Сузор’ем Рыб
Радзімак.
А неба, дзе плыве сузор’е Рыб,
Ушыркі рассыпаецца і ўглыб
Пустотамі міжгалактычных дымак,
Хоць нанава нябёсы перасып,
Сузор’і ўсе — абдымкамі ў абдымак.
Што нам да неба — і яму да нас?..
Так соладка, нібы ў апошні раз
Ляцім у снах — абдымкамі ў абдымак,
I ў валасах, не выбраныя ў час,
Праменяцца сузор’і невідзімак
I сыпяцца, як срэбра на атлас.