Жанчына...

Яшчэ не ацэнена

Жанчына...
Каханая ўстала над цёмнай ракой.
Жанчына...
Каханая доўга глядзела ў ваду.

На поплаве дальнім
Я потым русалку знайду,
Русалчыны вочы закрыю спакойнай рукой.

Пасля я — аслеплы — па беразе
Буду
Ісці.
I будуць дзве чорных гадзюкі
За мною
Паўзці.
Дагоніць адна з іх —
Ударыць маланкаю лютай.
Дагоніць другая —
I высмакча з раны атруту.