Язмін

Яшчэ не ацэнена

На тваім інтэрнацкім прыпынку
У садах адурманьваў язмін.
"Ты зламай, заламай мне галінку
На ўспамін, на ўспамін, на ўспамін".

Белым холадам ноч выкіпала,
I да ранку галінка ў акне
Мне ківала, ківала, ківала...
Сны юначыя, сніцеся мне!

Тое свята ў раі інтэрната —
Так даўно, як яго не было!
I на страту паклалася страта!
Гурбы цвету ў садах намяло!

Гурбы люду мяне абступілі,
Неба засцячы ў той старане,
Дзе, заснуўшы на міг, мы прыснілі
Сад юнацтва — язмін у акне.