Трывожна плача фартэп'яна
Прарочай песняй уначы.
Якое дзіўнае "піяна",
Як дзіўна мы з табой маўчым.
Можа,яшчэ не разумеем,
Што адбываецца між нас.
Мы размаўляем, як умеем,
Пра ксілафон і кантрабас.
Выразным жэстам дырыжора
Ты узрываеш цішыню,
У самым велічным мажоры
Мы спасцігаем вышыню.
Ад прыгажосці паміраем,
Яе згубіць баімся мы.
Жыццё здаецца нейкім раем
Нам напярэдадні зімы.