Вунь і яно, успамінаў лісцё...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)
Вунь і яно, успамінаў лісцё,
На дрэвах, на тумбах, на дугах трамваяў.
Скажыце ж цяпер, а ці многа дасцё
За квецень апалую маяў?

Ды толькі і ў вас гэтаксама было,
Паводле адвечнае звычкі:
Бяссонныя ночы, кахання сіло,
Перон і вясновы палон электрычкі.

Абсыпалася
                   каляіна вясны,
Прыбіта трава прыдарожная пылам.
Цяпло тваіх вуснаў прыходзіць у сны,
Мне вусны казыча тугой неастылай.

Трывожлівы сон, трывожны палон,
Трывожныя ў сне успаміны...
Цягнік успамінаў ідзе пад адхон,
Ляціць на ажыны,
                            крушыны.