Там, дзе ўжо ноч, там спяць, альбо крадуцца
Да куртызанак, што таксама спяць,
Укрытыя пялёсткамі настурцый —
І матылькі ў альковы іх ляцяць,
Каб кветкі пацалункаў рассыпаць
На губы палюбоўнікаў, на вочы,
На грудзі — што, як свечкі дзве, гараць
І паляць крыльцы матыльковай ночы...
Пад страсны шэпт спалёных бліскавіц
Сусвет начны ў любоўным ложку тоне...
Так у часы і свечак, і газніц
Было — і засталося пры неоне,
І будзе, я не ведаю, пры чым? —
Таксама, як не ведаю прычын,
Каб не аддаць —
хай з кім заўгодна ў змове! —
Усё, што ёсць — за ноч адну ў алькове...