Ў дзень, калі мяне не стане,
Не сумуйце пад "амін"!
Нізка вершаў пра каханне
Застанецца на ўспамін…
На ўспамін… Хай вольны вецер
Разнясе маю любоў…
Буду ў ёй на гэтым свеце
Аж пакуль не прыйду зноў…
Прыйду зноў… З нябёс сарвуся
Дзіўнай знічкай у траву -
І абшары Беларусі
Родным домам назаву.
Назаву… І вольным словам
Паспрабую свет апець…
Стану служкай роднай мовы –
І тады трымайся, смерць!
Смерць? А ці ж не пераможа
Ўсмешка сонца змрочны цень,
Калі ззяннем іскры Божай
Распачну свой новы дзень?