Калі я дапішу апошні верш
І духам узнімуся над зямлёй,
Я палячу туды,
Дзе ты
Жывеш,
Каб стрэцца… і развітацца з табой…
Крану цябе праменьчыкам святла,
Аблокамі пяшчоты атулю,
Каб нават і без слоў
Ты зноў
Магла
Пачуць мае маўклівае “Люблю…”
Калі ж мяне паклічуць – і збягу
Ў нябачны іншы свет - у небыццё,
Я буду і адтуль,
Пакуль
Змагу,
Ахоўваць, берагчы тваё жыццё…
А ў дзень твайго скідання ланцугоў,
Калі ты станеш дымкай трапяткой,
Цябе сустрэну я,
Мая
Любоў,
Каб болей не растацца ўжо з табой...