Бег да цябе праз буран і імжу...

Яшчэ не ацэнена

Бег да цябе праз буран і імжу.
Поўз да цябе з летуценнем і скрухай.
Болей маўчаць не магу.
Я скажу.
Ты мяне ўважліва толькі паслухай.

Вуснамі смелыя словы ляплю,
Цяжка і горача іх выдыхаю:
Чуеш, каханая? — верна люблю,
Чуеш, любімая? — шчыра кахаю.

Можаш пасля адмахнуцца —
«Бывай»,
Можаш пасля адвярнуцца сурова.
Толькі даслухай, не перабівай.
Як мне баліць маё кожнае слова!

Вуснамі смяглыя вусны лаўлю
I перад вечнаю тайнай сціхаю...
Чуеш, каханая, — верна люблю,
Чуеш, любімая, — шчыра кахаю...