Кахаю… Кахаю… Кахаю…
Губляючы волю сваю,
Пяшчоту тваю ўдыхаю,
Ласкавыя позіркі п’ю…
Усмешка… І вусны… І дотык…
І ўсё паплыло… І туман…
Твае пацалункі – наркотык,
Абдымкі – салодкі дурман…
Пачуцці – бы мора ў сэрцы –
Узніме магутны прыліў –
І хваляй зрываюцца дзверцы,
Што розум на ключ зачыніў…
І болей няма адзіноты…
А мо гэта ўсё – толькі сон?
На вуснах – мядовыя соты!
Ў далонях – ружовы бутон!
О, прагныя рукі! О, плечы!
О, дзіўная ўспышка святла!
І ўжо адступае пустэча,
Якая дагэтуль была!
Прастора зусім звар’яцела,
Папаўшы ў кахання палон –
У нябёсы ўзносіцца цела –
За птушкай-душой наўздагон…